Кнігі Царстваў (Скарына)
Кнігі Царстваў ("Книги царьствь") — пражскае выданне Скарыны, якое выйшла ў свет 10 жніўня 1518 года.
Змест кнігі
[правіць | правіць зыходнік]Выданне адкрываецца тытульным лістом з гравюрай і назвай кнігі («Книги первыи царьствъ починаються. Зуполне выложены на руський языкъ докторомъ Франъцискомъ Скорининымъ сыномъ изъ с славнаго града Полоцька. Богу ко чти и людемъ посполитымъ к научению»). На першым аркушы даецца «Предисловие доктора Франъциска Скорины въ книги царъствъ», а на адвароце 4-га аркуша "Сказание въ первыи книги царъствъ", у якім пералічваюцца асноўныя падзеі кнігі ("о цартвовании Саулове и о битвах его с филистымляне", "како Давид убил Голиафа"). На аркушах 6-64 надрукаваны тэкст 31 раздзелаў Першай кнігі Царстваў, пасля якога даецца пасляслоўе. На аркушы 65 змешчаны тытульны ліст з гравюрай, тэкстам ("Вторыи книги царьствъ починаються. Зуполне выложены на руський языкъ докторомъ Францискомъ Скорининымъ сыном с Полоцька") і прадмовай. На аркуш 66 - 117-м даецца тэкст 25 раздзелаў Другой кнігі Царстваў, на аркушы 118-м - пасляслоўе. На 119-ым аркушы надрукаваны тытульны ліст з гравюрай і тэкстам ("Третии книги царьствъ починаються. Зуполне выложены на руський языкъ докторомъ Францискомъ Скорининымъ сыномъ с Полоцька"), пасля идзе прадмова. На аркушах 120 - 182 змешчаны тэкст 22 раздзелаў Трэцяй кнігі Царстваў, у канцы пасляслоўе. На 183-м аркушы даецца тутыльны ліст з гравюрай і тэкстам ("Книги четвертыи царьств починаються. Зуполне выложены на руський языкъ докторомъ Францискомъ Скорининымъ сыномъ с Полоцька"). У наступнай прадмове да кнігі анатуецца змест кнігі. На аркушах 184 - 241-м даецца тэкст 25 раздзелаў Чацвертай кнігі Царстваў, у канцы пасляслоўі да 4-ай кнігі Царстваў і да ўсіх кніг Царстваў.
Друкарскія асаблівасці выдання
[правіць | правіць зыходнік]Кніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выдання — у чвэрць аркуша, аб'ём — 242 аркушы, якія сабраны ў 31 сшытак. Набор выкананы пражскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм, на паласе — 22 радкі. Сігнатура адсутнічае. Фаліяцыя на верхнім баку аркуша ўверсе справа. Выданне ўпрыгожана 12 гравюрамі (па адной гравюры ў пачатку кожнай кнігі, а таксама 7 гравюраў у 3-яй кнігі Царстваў), 5 застаўкамі і 115 ініцыяламі. У канцы кнігі змешчаны партрэт Скарыны з той жа формы, што і ў кнізе Ісуса Сірахава. Чатыры вялікія застаўкі папярэднічаюць тэксту кожнай кнігі, на іх выяўлены шчыт з зацменнем сонца і дзікія людзі, якія апіраюцца на незапоўненыя гербавыя шчыты. У некаторых экзэмплярах у шчытах ад рукі дапісаны манаграмы "0СН". Малая застаўка змешчана перад тэкстам пасляслоўя. Ініцыялы вылучаюць пачаткі раздзелаў.
Захавалася 21 экзэмпляраў кнігі Царстваў, з іх толькі 2 поўныя.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед./ Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с.: іл. ISBN 5-85700-003-3